Страница:
87 из 453
Ці я выснажыўся за апошнія дні, ці так падзейнічала ціша, але я на хвіліну задрамаў і, мабыць, асунуўся ніжэй у крэсле. А калі расплюшчыў вочы, яшчэ замглёныя сном, убачыў на левай балонцы ледзь прыкметныя цёмныя кропкі. Узняў галаву — яны зніклі. Апусціў — зноў з'явіліся. І тады я зразумеў, што бачу не кропкі, а ледзь прыкметны «цень ад кропак», ад нейкіх шурпатасцей паперы. Заплюшчыў вочы, правёў кончыкамі пальцаў і адчуў іх навобмацак. Я перагарнуў балонку і ўбачыў, што гэтым невідочным, мікраскапічным пукатасцям, якія і давалі падобны на россып парушынак цень, адпавядалі значна меншыя за шпілечную галоўку ўмяцінкі, зробленыя, можа, тупым канцом іголкі. Пазней я ўпэўніўся, што ў гэтым месцы яны яшчэ былі буйныя. Каб не шчаслівы збег абставін, каб не гэтае нізкае месцазнаходжанне крыніцы святла і маіх вачэй — я так бы нічога і не даведаўся. Але толькі гэта і было шанцаваннем. Далей прыйшла чарга на ўменне.
Гэтыя націскі былі размешчаны без усялякай сістэмы. Я налічыў дзевяць такіх пад літарай А, дзесяць пад літарай С і г.д. Калі гэта і быў тайнопіс, то такі, якога не разгадаеш. Крыптаграма? Аанаграма? А чорт яго ведаў, як называўся той спосаб у сярэднія вякі. Выскачыла мне з галавы тая назва. Ну, я вам тады растлумачу сутнасць. Патэнтнага бюро тады не было, бюро адкрыццяў таксама. Скажам, вучоны рабіў нейкае адкрыццё, але хацеў мець яшчэ крыху часу, каб яго праверыць. Але як зрабіць, каб не перахапіў нехта іншы, каб пасля можна было давесці свой прыярытэт? Тады ён зашыфроўваў вынаходніцтва.
|< Пред. 85 86 87 88 89 След. >|