Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 88 из 453



Яно, скажам, заключалася ў адным сказе: «У шэфа доўгі, чырвоны ад віна нос». Няўдалы прыклад, бо тут давялося б шыфраваць зусім па іншай прычыне, не па навуковай, а па адміністрацыйнай, але няхай.

І вось наш навуковец выпісваў адтуль, колькі разоў сустракаецца тая ці іншая літара, і запісваў гэта так: ў-1, о-З, р-1, ы-2, і-2, у-1, ф-1, н-3, в-2, с-1, ч-1, г-1, а-3, ш-1, э-1, д-2. Або: ўооорыііі і г.д.

Калі чалавек паміраў, таямніца аб шэфавым носе памірала разам з ім. Не ведаю, ці можа ў такім выпадку дапамагчы нават самая складаная электронная машына з безліччу перабраных і выпрабаваных варыянтаў.

Той, хто адкрыў нешта, завяраў шыфроўку ў натарыуса, рассылаў іншым буйным вучоным і пасля спаў спакойна, ведаючы, што ніхто гэтага не разгадае, што ўчастак застаўся за ім.

А ўрэшце быў факт, калі, здаецца, Галілей — я не астраном і таму, магчыма, расказваю вам легенду або ў нечым скажаю рэчаіснасць, але сутнасць гісторыі была прыблізна такая, і я пра гэта недзе чытаў — застрахаваўся такім чынам і, ледзь не Кеплер, не паленаваўся перабраць усе магчымыя варыянты і падстаноўкі літар і заявіў, што зашыфраваны сказ гучыць так: «Прывітанне вам, блізнюкі, Марса параджэнне!» А калі гэта так, то Галілей адкрыў спадарожнікі Марса. Было, праўда, некалькі лішніх літар, здаецца, тры, але тады і гэта назнарок рабілі, дзеля большай упэўненасці.

Праз некаторы час Галілей усё праверыў і выступіў з паведамленнем, што змест ягонага адкрыцця, калі адкінуць шэсць лішніх літар, такі: «Высачайшую планету трайною назіраў».

|< Пред. 86 87 88 89 90 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]