Страница:
91 из 453
Каб ты дзе згарэў бы са сваёю шыфроўкаю, халера! Але нічога не зробіш, папаўзеш далей, хаця вучоныя нашы так і не ўдасужыліся за сто год даследаванняў зрабіць адносна поўны слоўнік старабеларускай мовы (слоўнічкі ў канцы некаторых гістарычных прац у лік не ўваходзяць, дый каштуюць няшмат).
аче (калі) каженикъ (скапец) галавою, кепъ.
Чамусьці мне прыйшло ў галаву венгерскае kep, і зусім не прыйшло да галавы, што й па-польску дурань — kiep. Ото я й выявіўся — кепъ.
«Калі скапец галавою, дурань, (то) не ўкрадзеш (нрзбрл) подла. Загамую (затрымаю), бо клюкою (тут не хапала слова, але можна было ўявіць, што «клюкою», ключом хітрасці або розуму). Разумны, (то) складзі змяёю, лесвіцаю, дымам…»
Дымам? Пры чым тут дым?!
«Канонъ (то бок пярэдадне, а можа, у значэнні спачатку) вшыткае (усё цэлае, усё да канца) вакол медзі, занехаеш (не звернеш увагі, выпусціш з увагі (нрзбрл) за завораю (за завалаю)».
Пасля я паспрабаваў перакласці ўсё гэта на сучасную чалавечую мову. Атрымалася, за выключэннем цёмных месц, так:
«Я, першы і апошні, нашчадку разумнаму завяшчаю медзь пасярэбраную. Іншаму, медзь таўчы, у тры фунты (з) паловаю. Чарговасць такая: карэньчыкі зручна пачатак схавалі, (а) медзь укрыла астатняе. Калі (ты) скапец галавою, дурань, (то) не ўкрадзеш (нрзбрл) подла. Затрымаю (бо) цябе ключом (хітрасці?). (Калі) разумны, (то) складзі змяёю, лесвіцаю, дымам… Складзі спачатку ўсё цэлае вакол медзі. Не звернеш увагі (нрзбрл, можа — «застанецца?») за завалаю…»
Калі я запісаў апошнюю літару — мяне аж у пот кінула.
|< Пред. 89 90 91 92 93 След. >|