Страница:
93 из 453
Але ў той жа момант я ўявіў, як далёка за мяжой горада, на новых могілках, дзе нават і дрэў яшчэ няма, а толькі пруткі выбіваюцца з халоднага глею, ляжыць у гэтай самай ледзяной персці тое, што было калісьці Мар'янам, лепшым, адзіным, можа, апошнім маім сапраўдным сябрам на гэтай клятай зямлі. Ён завяшчаў мне гэтую таямніцу, ён непакоіўся, ён, магчыма, загінуў з-за яе. Бо хоць вы мяне расстраляйце, а я не верыў, што ўсё тлумачыцца так проста: завалам сэрца і падзеннем у ваду. Я не верыў. У мяне было першабытнае, жывёльнае прадчуванне, як у сабакі, што ўсё гэта не так, і калі слядоў не знойдзена, калі нішто не ўкрадзена, калі ніхто невінаваты з дапытаных да гэтага часу — гэта не азначае, што іх няма, што новых слядоў не будзе. Урэшце, я проста быў абавязаны перад ягонай памяццю.
І таму я зноў закурыў, сціснуў палаючую галаву халоднымі рукамі і, сабраўшы ўсю сваю напятую, сцюдзёную рашучасць, паспрабаваў засяродзіцца, сканцэнтраваць усю сваю ўвагу толькі на адным.
«Медзь… змяя… дым… Пры чым тут, да д'ябла, дым?… Медзь напісана там, як мед… А мо гэта не «медзь», а «мёд»? Лухта сабачая лезе ў галаву, шаноўны сябар Косміч, лухта і трызненне сівой кабылы! Таму што які асёл будзе хаваць нешта там у мёд? Хіба забітага на вайне знатнага чалавека залівалі ў труне мёдам, каб давезці цэлым да радавой магільні ці да бальзаміроўшчыка? Але ўявіце сабе чалавека, які расшыфраваў, шукаў, забіў на гэта палову жыцця і ўсё толькі дзеля таго, каб адшукаць труп. Гэта, прабачце, гумар шыбеніка. Дый потым, што можна намотваць вакол мёду? Не, ясна ж, што гэтае нешта трэба матляць вакол нейкага меднага прадмета.
|< Пред. 91 92 93 94 95 След. >|