Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
34 из 75
- Праўда, што ўмееш iграць?
- Праўда!
- А пайграў-бы?
- А чыму-ж не пайграць! Перад кiм?
- Перад Богам Сьвятым!
Пачухаў Дудар патылiцу, ды нядоўга думаў. Барысавец быў, а ўсе барысаўцы народ сьмелы.
- Пайграю, - кажа.
- Ну, дык пойдзем, - кажа анёл.
Пайшлi. Анёл сьпераду, Янка ззаду. Глядзiць, дзiвуецца.
Абапал дарогi сярэбраныя хаты, а жывуць у iх сьвятыя. У канцы вулiцы пабачылi самога Бога, каторы сядзеў на ганку i чакаў.
Дудар далiкатненька пакланiўся - быў ён чалавек бывалы i ведаў, як дзе трэба захавацца. Бог кiўнуў галавой.
А кругом ужо сабралiся анёлы - малыя i вялiкiя, арханёлы ў залатых i сярэбраных адзежах, сьвятыя i проста так справядлiвыя душы - мужыкi i бабы. Народу цьма, яблыку недзе ўпасьцi, i ўсе хочуць паслухаць музыкi.
- Ну, Дудар, - сказаў Бог, - iграй.
А Дудар iзноў пакланiўся i кажа:
- Пакорна клакяюся Вяльможнаму Пану Богу i выбачайце, што я спытаю: цi няма тут на небе каго-небудзь з нашых, барысаўскiх, толькi, каб з маладых?
- А нашто табе?
- Пад танцы iграць лаўчэй.
Усьмяхнуўся Бог i даў знак анёлам. Паляцела двое, але скора вярнулiся, кажуць:
- Знайшлi двох барысаўцаў, толькi дужа старых.
- Старыя няздатны, - сказаў Дудар, - не патрапяць станцаваць. Выбачайце, што спытаю: куды-ж падзелiся маладыя? I маладыя-ж iншы раз памiраюць.
А сьвяты Юр'я на гэта кажа:
- Маладых трэба ў чысцы шукаць.
- А i праўда, - сказаў Дудар, - ня йначай, як у чысцы. Пэўна, што ў чысцы.
|< Пред. 32 33 34 35 36 След. >|