Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 2 из 146



Але матка ўставала, ставiла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў. Мiколка прыслухоўваўся, як прабягаў з шумам i грукатам, пастукваючы на стрэлках, цягнiк, як зацiшаў ён хаду, а потым i зусiм станавiўся на станцыi. Тут зменьвалiся паравозы, зменьвалiся i машынiсты. I заўсёды акуратна, праз якiя-небудзь хвiлiн дзесяць, дахаты з'яўляецца Мiколкаў бацька.

- А ты прачнуўся ўжо, кур'ерскi? - гаварыў ён да Мiколкi i заўсёды намерваўся ўхапiць яго за нос сваёй чорнай прамазучанай рукой. Мiколка хаваўся пад коўдру i, паказваючы адтуль толькi кончык носа, пачынаў чохкаць, як сапраўдны паравоз:

- Чшы... чшы... чшы... чшы-чшы-чшы...

I важна гаварыў потым да бацькi:

- Ага! Не можаш мяне ўзяць... Забуксаваў!

"Забуксаваў" - гэта значыць, што бацька далей не пасунецца нi на крок, нiяк не ўхапiць яму цяпер за Мiколкаў нос. Не будзе ж ён бруднымi рукамi за коўдру брацца, павiнен ён памыцца як след. I калi бацька зоймецца з умывальнiкам, Мiколка таропка злазiць з ложка i бяжыць да бацькавай дарожнай скрынкi. Ён спрабуе яе на вагу, а цi ёсць што ў ёй, цi варта ля яе турбавацца.

- Прывёз, татка, што-небудзь? - грозна пытае ён бацьку.

- А што будзе, калi не прывёз? - перапытвае бацька, смяецца.

- Што ж будзе? Нiчога не будзе... - гатоў пакрыўдзiцца Мiколка.

А бацька адчыняе скрынку, дастае шчарбаты чайнiк, загорнутую ў паперыну шклянку, кавалкi "зайцавага хлеба" - так заве ён дарожныя недаедкi. Дужа ж смачныя гэтыя недаедкi.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]