Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 3 из 146

Не сказаць, каб вялiкiя ласункi былi з чэрствага хлеба, але еў яго Мiколка з вялiкай ахвотай, толькi пугаўка-нос паблiскваў ад вялiкага задавальнення. Есць, i здаецца яму, нiбы ён таксама памочнiк машынiста, як бацька... Хлеб пахне трохi вугалем, i аддае крыху ад яго i мазутным пахам. Адным словам, не звычайны хлеб, а хлеб, якi праехаў на паравозе сотнi вёрстаў, падсушыўся, паабiваўся ў скрынцы, прапах. I не дзiва, што як змеле Мiколка гарбушку, дык адразу i пайшоў:

- Чшы-чшы-чшы... Чшы-чшы-чшы...

Памчаў паравоз.

Аж падлога дрыжыць ад Мiколкавага бегу. Бяда толькi, што не разбяжышся як след: i цесна, i мацi ўшчувае:

- Кiнь ты дурыкамi займацца - узняўся нi свет нi зара. Яшчэ брата разбудзiш...

Акрамя "зайцавага хлеба" ў бацькавай скрынцы бывае шмат якiх цiкавых рэчаў. Не бывае нiводнага разу, каб бацька вярнуўся з пуцi з пустой скрынкай. Заўсёды ў скрынцы знаходзяцца новыя цацкi. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы iзалятар, то трубку якую блiскучую, а то проста каменьчыкаў розных, каляровых. Часам прывязе звычайны кавалак каменнага вугалю, падае Мiколку:

- Вось табе новая цацка!

Мiколка гатоў i ў крыўду ўкiнуцца: знайшоў бацька цацку! Ды iх, гэтакiх цацак, вунь цэлыя горы каля дэпо!

- А ты прыгледзься вось лепш, тады не будзеш i носа задзiраць...

I сапраўды, цiкавы камень. На адным баку малюнак, нiбы выразаў нехта цэлую ветку, i сцяблiнкi тут, i дробнае лiсцейка разышлося веерам.

- Хто маляваў? - пытае Мiколка.

- Нiхто... Сама мацi-прырода...

- А ты не абманьвай... Яшчэ памочнiкам называецца, жарты строiць... ушчувае Мiколка бацьку.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]