Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 24 из 146

Мiколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо i вельмi саднiла параненая шчака. Аднак, каб трымаць сябе дастойна перад дзедам i не паказаць вiду, што яму дужа балiць, што ён вельмi напалохаўся, Мiколка важна распытваў дзеда, з якой прычыны "арудзiя" разляцелася на кавалкi.

- Вiдаць, што заржавела стрэльба... Ды i набой быў моцны, праз меру... бадай з паўхунта пораху заправiў я калiсьцi ў рулю. Яшчэ добра, што так пашанцавала нам... Магло б быць, унучак, трохi горай...

I яны абодва прынялiся ўважлiва шукаць забiтага каршука. Не магло быць, каб ад такога стрэлу ды застаўся каршук цэлы. Але ён, нiбыта нiчога i не было, сядзеў сабе на той алешыне, на якой сядзеў i да стрэлу.

- Справы! - пачухаў дзед патылiцу. - З такiх паляўнiчых, як мы, i птушкi смяюцца.

А тут яшчэ некалькi пастушкоў падбегла i ўсё дапытвалiся, дзе гэта такi вялiкi выбух адбыўся, што аж зямля страсянулася i нешта ў паветры праляцела з вялiкiм грукатам i вурчаннем.

Паслухалi Мiколка з дзедам гэтыя размовы i, панурыўшы плечы, паклыпалi моўчкi дахаты. I каб не Жэўжык, дык зусiм упалi б духам нашы слаўныя паляўнiчыя. Аж адкуль нi вазьмiся з'явiўся сабачка, якi ўрачыста нёс у зубах нейкую птушку. Бегаючы па балоце, ён налаўчыўся недзе злавiць дзiчыну i не паспеў яшчэ расправiцца з ёй, як напаткаў Мiколку з дзедам.

- Ну вось, мы цяпер i не з пустымi рукамi дахаты варочаемся, ёсць i здабытак!

I Мiколка адабраў у Жэўжыка яго здабычу. Той адразу ж кiнуўся зноў у балота. I не прайшло некалькi хвiлiн, як ён выбег з другой птушкай у зубах.

|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]