Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 47 из 146

Зайшоў у хату i, пажадаўшы добрага дня, нечакана пачаў прасiць Мiколкаву мацi, каб яна забылася на ўсё старое, бо "цi мала чаго ў жыццi бывае, усякiх там непрыемнасцей...".

Узлавалася тут мацi, выгнала яго:

- Iдзi, iдзi, сабачае мяса, не жвенькай тут мне, крывасмок...

Нiчога не зразумела яна з жандаравай просьбы. Але назаўтра ўсё стала ясным. Калi прачнуўся Мiколка, то пачуў у горадзе стралянiну. На станцыi было надзвычай весела. Над будынкам вакзала калыхаўся аграмадны чырвоны сцяг. Усюды было поўна людзей, i ўсе былi радасныя, вясёлыя. Не вiдаць было нi жандара, якi вечна тырчаў са сваёй чырвонай шапкай, пахавалася кудысьцi начальства ды афiцэры, якiх раней багата было ў праходзiўшых праз станцыю эшалонах. I што зусiм здзiвiла Мiколку - ён смела прайшоў у тую залу, куды раней нiколi не мог папасцi нават разам з бацькам. Нiхто не затрымаў яго цяпер. У зале першага класа вiсеў на сцяне аграмадны партрэт цара. Вось цяпер гэты партрэт рабочыя дэпо здзiралi са сцяны. Здзiралi з мясам. Ужо зляцелi на падлогу царскiя ногi i мундзiр, толькi галава пад каронай, учапiўшыся за цвiкi, усё яшчэ вiсела на сцяне. Вось гэтую галаву i сцягвалi багром рабочыя.

У залу ўбег начальнiк станцыi. Ён зiрнуў на сцяну, ахнуў i замахаў рукамi:

- Што вы робiце з партрэтам, вы ўсю сцяну папсавалi!

За начальнiкам нехта пагнаўся жартам, а другiя ўжо зусiм без жартаў параiлi начальнiку вымятацца:

- А не, дык павесiм на царскае месца...

Хутка царская галава з кавалкам рамы i прыстаўшым да яе тынкам з грукатам паляцела ўнiз, узняўшы цэлыя клубы пылу, ад якога ўсе пачалi дружна чыхаць.

|< Пред. 45 46 47 48 49 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]