Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 58 из 146

Не з-за страху за свой жывот - якi там у яго жывот! а баяўся за справу. Зварухнуў нагой нейкую бляшанку па дарозе, i яна чыркнулася аб камень, забрынчала. Салдат павярнуў галаву, нават руку да вуха прыставiў, каб спрытней учуць. Але дзе ты ўчуеш, дзе ты ўбачыш. Ляжыць Мiколка нi жывы нi мёртвы i толькi чуе, як моцна б'ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца.

"Эх! хаця б ды супакоiлася, а то яшчэ ўчуе немец..." - думае Мiколка ды праз шчылiну мiж каменнямi сочыць за часавым. Той ужо супакоiўся, нейкую песеньку пачаў цiха напяваць. Папоўз Мiколка далей. Вось i ганак пакгаўза. Пад ганкам можна пралезцi пад насцiл, на якi выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. I праз якую хвiлiну быў ужо Мiколка пад ганкам i прабiраўся праз дзiрку ў цаглiнах пад самую падлогу пакгаўза. Ледзь не крыкнуў ён з перапуду, трапiўшы рукой у нешта слiзкае i халоднае. Але ўспомнiў, што i днём тут хаваюцца часам жабы, супакоiўся. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогi Мiколка ведаў як свае пяць пальцаў, бо не раз рабiў ён налёты сюды са сваiмi таварышамi. Вось i гэтая дошка, якая падымаецца ўгору разам з цвiком.

Мiколку здаецца, што праходзiць цэлая гадзiна, пакуль удаецца яму падняць адзiн канец гэтай дошкi i прасунуць у дзiрку галаву. Спачатку нiчога не бачыць Мiколка, i толькi прыгледзеўшыся, ён заўважае групу людзей, якiя згрудзiлiся ў кутку на ахапках гнiлой саломы. Недалёка на сценцы мiгае закапцелы чыгуначны лiхтар. Пад iм ляжыць чалавек i, як вiдаць, не спiць, бо часта варушыцца i ўздыхае.

|< Пред. 56 57 58 59 60 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]