Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 59 из 146

Прыгледзеўся да яго Мiколка i пазнаў - гэта найлепшы бацькаў прыяцель, стары машынiст Арлоў. Разам з бацькам колькi пачысцiлi яны на сходах эсэраў ды меншавiкоў, тыя прымушаны былi заўсёды ледзь не ўцякаць ад рабочых пад гучны свiст, вострыя жарты i кепiкi.

Цiха падпоўз Мiколка да машынiста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Мiколка хуценька перадаў аб усiм, сказаў, што ў дровах чакаюць яшчэ рабочыя, што трэба спяшацца, таго i глядзi, развiднее.

Доўга не збiралiся. Адзiн за адным з вялiкiмi перасцярогамi лезлi пад падлогу, па аднаму выбiралiся з-пад ганка i адтуль Мiколкавым спосабам паўзлi да дроў. Мiколка сядзеў пад ганкам i скрозь ранiшнi змрок сачыў за Паўлавымi сiгналамi. Апусцiць той руку за штабелем дроў - значыць можна паўзцi чалавеку. Падыме руку - значыць нельга, няйначай часавы ходзiць па насцiлу, над ганкам. Так i выпусцiў усiх восем чалавек, арыштаваных немцамi.

А сам затое ледзь не папаўся. Толькi высунуў ён галаву з-пад ганка, як бачыць паднятую руку Паўла. Падаўся назад Мiколка, як рак у пячору, сядзiць там сагнуўшыся, чакае i бачыць: над самым над iм сядзiць нямецкi часавы, ногi на прыступку ганка паставiў, вiнтоўку да калена прыцiснуў. Вiдаць, надакучыла яму стаяць, i, не бачачы поблiзу начальства ў такi час, рашыў ён прысесцi. Выбраў жа месца! Хоць ты бяры гэтага часавога за ногi i цягнi пад ганак. Але дзе ты пацягнеш! Сядзiць Мiколка хвiлiну, сядзiць другую, трэцюю. А далей ужо i нясцерп бярэ - калi ж гэты часавы на другое месца падасца. А тут i кашлянуць хочацца, наглытаўшыся пад падлогай усякага пылу.

|< Пред. 57 58 59 60 61 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]