Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 70 из 146

Яна ўжо звыклася з такiм неспакойным жыццём, гатовая кожную хвiлiну да яшчэ горшага. Перад тым як пайсцi ў лес, дзед схадзiў да Мiколкавага брата Паўла, якi хаваўся дзесьцi ў горадзе, i вярнуўся адтуль са зброяй. Ужо ў лесе паказваў дзед Мiколку сваю зброю. Гэта быў стары пiсталет, якi мог бы справядлiва канкурыраваць з дзедавай славутай "арудзiяй", якая калiсьцi ўзарвалася ад Мiколкавага стрэлу. Пiсталет быў вялiкi i цяжкi, але дзед любоўна пачысцiў яго, прывязаў рэмень, пералiчыў i перацёр патроны i схаваў зброю за пояс.

Так i пайшлi.

Ужо цямнела, як прыселi яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункi. Адзiн за адным iшлi таварныя цягнiкi. Часта з вагонаў чуваць быў роў жывёлы, рохканне свiней, гагатанне гусей.

- Куды гэта такую процьму жывёлы вязуць? - запытаў Мiколка ў дзеда.

- Куды? У Нямеччыну, куды ж iначай...

- А дзе яны бяруць гэтую жывёлу?

- Як дзе? У сялян, па вёсках... Рабуюць немцы ўсё, што трапляе пад рукi, сялян жабракамi пускаюць, адбiраючы ўсё да нiткi.

- Ну, я б iм паказаў, як рабаваць!

- А што б ты зрабiў? - запытаў дзед.

- А пастраляў бы ўсiх! - I Мiколка мнагазначна паглядзеў на дзедаву зброю.

- Вось у тым-то i бяда, што мала ў нас зброi, цяжка з ёй супроць нямецкай вiнтоўкi ды кулямёта выступаць... Вось калi арганiзуемся як след, тады нiякi вораг нам не страшны...

Цiха гутарылi Мiколка з дзедам, адпачываючы на ўскрайку лесу. Але, заўважыўшы нямецкi патруль на чыгунцы, рашылi падацца глыбей у лес, каб выбраць дзе зручную мясцiну для начлегу.

|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]