Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 68 из 146

Яны вызвалiлi яго ад уссеўшай на яго бочкi, разабраўшы яе па клёпцы. То была самая звычайная бочка пажарная, якая стаяла на пакгаўзнай страсе, на самым вiльчыку, з вадой. Калi пачалi салдаты грукаць у дзверы i трэсцi сцены пакгаўза, бочка скранулася ад стуку з месца, пахiлiлася трохi. Вось адкуль былi тыя струменьчыкi вады, якiя лiлiся з гары за каўнер каменданту, хоць быў такi цiхi i ясны дзень. А калi салдаты ўзялiся за слуп i ўзялiся не на жарты за дзверы, бочка зусiм пахiснулася i, пакацiўшыся з грукатам нанiз, нагнала вялiкага перапалоху на каменданта. Ад нечаканасцi той падумаў, што тут цэлая дывiзiя варожая наступае.

Калi салдаты вызвалiлi каменданта з яго вымушанага палону, яны зноў узялiся за перарваную справу.

Якiя нi моцныя былi пакгаўзныя дзверы, але падалiся яны пад тэлеграфным слупам, бразнулi засаўкi, разляцелiся. Каб падтрымаць свой крыху падмочаны аўтарытэт, камендант храбра кiнуўся ў насцеж раскрытыя дзверы, высока трымаючы, аднак, перад сабою неразлучны рэвальвер.

- Ану, выходзь, бандыты, рукi ўгару! - грозна скамандаваў камендант па-нямецку. Але ў пакгаўзе было цiха, як у магiле. I толькi пары з дзве галубоў са свiстам пранеслiся мiма падмочаных каменданцкiх вусоў, прымусiўшы яго для перасцярогi разы са два стрэлiць у пусты пакгаўз. Ды клубы пылу, узнятыя галубамi, паволi плылi з дзвярэй, i ад гэтага пылу папярхнуўся начальнiк, зачыхаў. Зачыхаў i ўзлаваўся.

- ...Смiрна! - зароў начальнiк i тут жа - "чых... чых... чых!". - На плячо-о-о!.. чых... чых... чых... Шагам... арш... чых-чых-чых...

|< Пред. 66 67 68 69 70 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]