Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 10 из 253



Я гатовы быў зараўці ўголас ад крыўды.

І надвор'е на такі выпадак стала псавацца: нізкія чорныя хмары паўзлі нам насустрач, там-сям з іх цягнуліся наўскос зямлі свінцовыя палосы дажджу. Ніводнай птушкі-пасмяцюхі не траплялася нам на дарозе, а гэта была дрэнная прыкмета: павінен быў пайсці цяглы начны дождж.

Я хацеў быў завярнуць да першай хаткі, але і яны больш не трапляліся. Памінаючы ліхам майго знаёмага, я сказаў фурману, каб ён ехаў хутчэй, і шчыльна закруціўся ў плашч.

А хмары накіпалі, чорныя, нізкія, дажджавыя; над раўнінаю цягнуўся прысмерак, такі непрытульны і халодны, што мурашкі паўзлі па скуры. Недзе бліснула нясмелая асенняя маланка.

Я толькі паспеў адзначыць неспакойнай думкаю, што гэта занадта позна для навальніцы, як на мяне, на коней, на фурмана абурыўся акіян халоднай вады.

Нехта аддаў раўніну ў лапы ночы і дажджу.

І ноч гэтая была цёмная, як сажа, я не бачыў нават сваіх пальцаў і толькі па паштурхванню вазка здагадаўся, што мы яшчэ едзем. Фурман таксама, відаць, нічога не бачыў і цалкам аддаўся інстынкту коней.

Не ведаю, ці сапраўды быў у іх які інстынкт, але хутка вазок наш пачало кідаць з байрака на байрак, з ямы на нейкі бугор і зноў у яму.

|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]