Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 9 из 253

Старажытны, як свет, напеў: «А-а-а…»

Не хадзі, коцю, па лаўцы

Буду біці па лапцы,

Не хадзі, коцю, па масту -

Буду біці па хвасту!

А-а-а!

О, якая жахлівая, якая вечная і нязмерная твая туга, Беларусь!

Ноч. Зоры. Першабытны змрок лясоў.

І ўсё ж нават гэта было Італіяй у параўнанні з тым, што мы пабачылі праз два дні.

Лес пачаў чэзнуць, радзець, і хутка бязмежная раўніна адкрылася нашым вачам.

Гэта не была звычайная раўніна, на якой коцяць рудыя рэдкія хвалі нашы жыты, гэта не была нават дрыгва — дрыгва ўсё ж не пазбаўлена разнастайнасці: там ёсць трава, ніцыя скарлючаныя дрэўцы, там можа бліснуць азярцо, — не, гэта быў самы жахлівы, самы безнадзейны з нашых краявідаў: тарфяныя балоты.

Трэба быць чалавеканенавіснікам, каб выдумаць такія мясціны, і ўяўленне пра іх можа з'явіцца толькі ў пячорным мазгу зласлівага ідыёта. Але гэта не было выдумкай, вось яны ляжалі перад намі…

Неабсяжная раўніна, роўная, як стол, была карычневага, нават бурага колеру, безнадзейна роўная, нудная, змрочная.

Часам трапляліся на ёй вялізныя купы нагрувашчанага камення, часам буры конус — нейкі пакрыўджаны Богам чалавек, выбіраў тарпу невядома дзеля чаго, — часам сіратліва глядзела на дарогу адным акенцам хатка з высокім комінам, і вакол яе — ані дрэўца. І нават лес, які цягнуўся за гэтай раўнінай, здаваўся больш змрочным, чым на самай справе.

Праз якую гадзіну пачалі і на гэтай раўніне трапляцца астраўкі лесу, чорнага, у мхах і павуцінні, толькі часам роўнага, а больш за ўсё скарлючанага, як на малюнках да страшнай казкі.

Але гэтыя ляскі з'яўляліся і знікалі, і зноў цягнулася раўніна, раўніна, бурая раўніна.

|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]