Страница:
11 из 253
Шматкі гразі і нейкай твані ляцелі ў вазок, на плашч, мне ў твар, але я хутка асвойтаўся з гэтым і маліўся толькі аб тым, каб не наехаць на якую прорву: самыя жахлівыя твані трапляюцца менавіта сярод такіх балот, праглыне і вазок, і коней, і людзей, і ўранцы ніхто нават не здагадаецца, што тут хтосьці быў, што тут дзве хвіліны крычала чалавечая істота, пакуль бурая каша не налезла ў рот, што зараз гэтая істота ляжыць разам з коньмі на тры сажні ніжэй паверхні праклятага месца.
Нешта раўнула з левага боку: доўгі, працяглы, нялюдскі крык. Коні тузанулі вазок — я ледзь не выпаў — і памчалі кудысьці, відаць, напрасткі па балоце. Пасля штосьці хрумснула, і заднія колы вазка пасунуліся ўніз. Адчуваючы, што пад ногі мне нацякае нешта мокрае, я таргануў за плячо фурмана. Той з нейкай абыякавасцю сказаў:
— Гінем, пане. Тут і гамон.
Але мне не хацелася паміраць. Я схапіў руку фурмана, расціснуў яму пальцы і, выхапіўшы пугу, пачаў хвастаць па тым месцы ў цемры, дзе павінны былі быць коні.
Нехта нема закрычаў такім голасам, што коні, відаць, спудзіўшыся, шалёна тарганулі вазок, ён задрыжаў увесь, як быццам таксама намагаўся вырвацца, пасля штосьці голасна цмокнула пад коламі.
Вазок нахіліўся, затросся яшчэ мацней, загігатала кабыла. І штосьці здарылася. Вазок зноў пакаціўся і хутка загрукатаў па нечым цвёрдым. Толькі тут я зразумеў, што нема крычаў не хто іншы, як я. Мне стала сорамна.
Я збіраўся ўжо было папрасіць фурмана, каб ён спыніў коней на гэтым адносна цвёрдым, каб перачакаць ноч, але тут дождж быццам зрабіўся рэдкім, і адначасова штосьці мокрае і калючае хвастанула мяне па твары. «Яловая лапа, — адзначыў я. — Значыцца, гэта лес. Коні спыняцца самі».
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|