Страница:
109 из 253
Зараз справа залежала шмат у чым ад таго, хто будзе больш вытрыманы. Палец мой так і імкнуўся хутчэй націснуць спуск.
Успышка азарыла пакой. Не вытрымаў Варона. Куля візганула недзе ў левым баку ад мяне, цокнулася ў сцяну. Я мог бы стрэліць у той момант так верна, як пры дзённым святле. Але я не стрэліў, толькі памацаў рукою тое месца, куды яна ўдарыла. А потым застаўся на тым самым месцы.
Варона, відаць, не мог нават і падумаць, што я другі раз ужыў той самы прыём. Я чуў яго ўсхваляванае сіплае дыханне.
Другі стрэл пулгака Вароны аддаўся ў пакоі. І зноў я не страляў. Але стаяць больш на месцы не было маіх сіл, тым больш што я чуў: Варона пачаў красціся ля сцяны, а пасля, здаецца, у мой бок.
Нервы мае не вытрымалі, я асцярожна пачаў кудысьці ісці. А цемра глядзела на мяне тысячамі пісталетных дулаў. Дула магло быць у любой кропцы, я мог налезці на яго проста жыватом, тым больш што згубіў ворага і нават не мог сказаць, дзе дзверы ў пакоі і дзе якая сцяна.
Я спыніўся, каб прыслухацца да таемнага інстынкту. І вось у той момант, калі я спыніўся, нешта прымусіла мяне з грукатам кінуцца сцягном на падлогу.
Стрэл прагучаў проста нада мною, нават валасы на маёй галаве варухнуліся.
А ў мяне яшчэ былі тры кулі. На хвіліну варухнулася дзікая радасць, але я прыпомніў кволую чалавечую шыю і апусціў пулгак.
— Што там такое? — прагучаў голас за дзвярыма. — Страляў хтосьці адзін. Што там, забіла каго, ці што? Страляйце хутчэй, хопіць вам кулагу варыць.
|< Пред. 107 108 109 110 111 След. >|