Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 110 из 253



І тады яўзняў руку з пулгакам, адвёў яе ў бок ад таго месца, дзе быў у момант трэцяга стрэлу Варона, і націснуў спуск. Трэба ж было мне выпусціць хоць адну кулю.

У адказ, зусім нечакана для мяне, раздаўся жаласны стогн і гук ад падзення чалавечага цела.

— Хутчэй сюды! — крыкнуў я. — Хутчэй! Дапамажыце! Я, здаецца, забіў яго.

Жоўтая, асляпляючая паласа святла наўскос упала на падлогу. Калі людзі ўвайшлі ў пакой, я пабачыў Варону, які ляжаў дагары тварам, выцягнуты і нерухомы. Я кінуўся да яго, прыўзняў яго галаву. Рукі мае натрапілі на нешта цёплае і ліпучае. Твар Вароны яшчэ больш пажаўцеў.

Я не вытрымаў больш, я схапіў яго за шчокі, прыпаў тварам:

— Варона! Варона! Прачніся! Прачніся ж!

Дубатоўк, змрочны і суровы, выплыў аднекуль, бы з туману. Ён завіхаўся ля ляжачага, пасля зірнуў мне ў вочы і зарагатаў. Мне здалося, што я звар'яцеў. Я ўстаў і, ашалелы, амаль непрытомны, выцягнуў з кішэні другі пулгак. Мне здавалася вельмі простым узяць яго, паднесці да скроні і…

— Не жадаю, не жадаю я больш!

— Ну чаго ты, хлопча, чаго, любенькі, — пачуў я голас Дубатоўка. — Гэта ж не ты яго абразіў, ён нас з табою хацеў зганьбіць. Нічога, за табою яшчэ два стрэлы. Бач ты, як цябе курчыць! Гэта ўсё з непрывычкі, ад чыстых рук ды сумленнага сэрца. Ну… ну… ты ж не забіў яго, не. Ён толькі аглушаны, як бугай на бойні. Бач, як ты яго лоўка. Адстрэліў кавалак вуха ды яшчэ і на галаве скуру ўспароў. Нічога, паляжыць тыдзень, адлежыцца.

|< Пред. 108 109 110 111 112 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]