Страница:
108 из 253
Але своечасова схамянуўся і паглядзеў на Варону. Ён стаяў з секундантамі ля процілеглай сцяны, заклаўшы левую руку ў кішэнь чорнага фрака, а ў правай, апушчанай уніз, трымаў дуэльны пулгак. Два другія яму заклалі ў кішэні. Яго жоўты, сухі і нейкі грэблівы твар быў спакойны. Не ведаю, ці мог я сказаць тое самае пра свой твар.
Два мае секунданты (адзін з іх быў Дубатоўк) далі і мне пулгак, два другія пулгакі паклалі ў кішэні — я нічога не заўважаў, я глядзеў на твар чалавека, якога я павінен забіць, бо іначай ён заб'е мяне. Я глядзеў на яго з нейкай прагнасцю, як быццам жадаючы зразумець, за што ён заб'е мяне, за што ён мяне ненавідзіць.
«За што я яго заб'ю? — падумаў я, як быццам толькі я стаяў тут з пулгакам у руцэ. — Не, яго нельга забіваць. І нават не ў тым, не ў тым справа, а вось гэта тонкая, такая слабая чалавечая шыя, якую так лёгка перарваць». Я не хацеў паміраць таксама, я вырашыў выкручвацца, дабіцца таго, каб Варона стрэліў тры разы, і тым скончыць дуэль.
Секунданты выйшлі і пакінулі нас двух у пакоі. Пасля дзверы зачыніліся. Мы апынуліся ў поўнай цемры. Хутка прагучаў голас аднаго з секундантаў Вароны:
— Пачынайце.
Я зрабіў левай нагою два «крокі» ўбок і пасля асцярожна паставіў яе на ранейшае месца. Дзіўна, але ўсялякае хваляванне знікла, я дзейнічаў як аўтамат, але так разумна і хутка, як ніколі не здолеў бы зрабіць гэта пад кантролем мозгу. Не слыхам, а хутчэй скурай я адчуваў прысутнасць Вароны ў пакоі, там, ля другой сцяны.
Мы маўчалі.
|< Пред. 106 107 108 109 110 След. >|