Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 114 из 253

Калі павярнуцца назад, то далёка ў правым баку мігцеў апошні агеньчык у хаце Дубатоўка, мірны і ружовы, а ў левым баку, таксама далёка, за пусткамі віднеліся разложыстыя і агромністыя верхавіны Яноўскай пушчы. Але яна была вельмі-вельмі далёка, на мяжы пустак і балот.

Я стаяў і слухаў, хоць нейкае неспакойнае пачуццё і казала мне, што яно зараз бліжэй. Я ж не мог паверыць у прадчуванні: павінна была быць нейкая рэальная прычына для гэтага душэўнага стану. Я не мог нічога бачыць: лёгкі туман укрываў раўніну. Я нічога не чуў. Што ж гэта магло быць, адкуль гэты сігнал? Я лёг на зямлю, прыціснуў да яе вуха і праз палову хвіліны адчуў нейкае раўнамернае страсенне зямлі. Не скажу, што я вельмі смелы чалавек, інстынкт самазахавання ў мяне, можа, нават больш моцны, ніж у іншых, але я заўжды быў вельмі дапытлівы. Я вырашыў чакаць і хутка быў узнагароджаны.

З боку пушчы па пустках рухалася нейкая цёмная маса, даволі вялікая і рухавая. Я доўгі час не мог здагадацца, што гэта такое. Пасля я пачуў дробны і роўны пошчак капытоў. Шамацеў верас. Пасля ўсё знікла, маса, відаць, спусцілася ў нейкую лагчыну, а калі з'явілася зноў — пошчак змоўк. Яна імчалася бязгучна, быццам плыла ў паветры, рабілася ўсё бліжэй і бліжэй. Пасля зрабілася большай, відаць, звярнула і замест галавы паказала мне бок. Яшчэ хвіліна, і я аж надаўся наперад. У хвалях слабага празрыстага туману ясна вымалёўваліся сілуэты коннікаў, якія імчалі шалёным намётам, аж конскія грывы веялі на ветры. Я пачаў лічыць іх і налічыў дваццаць. Дваццаць першы скакаў наперадзе.

|< Пред. 112 113 114 115 116 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]