Страница:
116 из 253
Халодная злосць віравала ў маім сэрцы: ну не, здані вы ці хто, а я вас стрэну па-належнаму!… Рэвальвер, шэсць набояў — і паглядзім. Я хутка сунуў руку ў кішэнь, і… халодны пот выступіў на маім ілбе: рэвальвера не было. Я толькі тут успомніў, што пакінуў яго ў шуфлядзе бюро ў маім пакоі.
«Гэта канец», — падумаў я.
Але чакаць канца, склаўшы лапкі, было не ў маіх правілах. Праз пятнаццаць хвілін будуць тут. Мясцовасць няроўная. Там-сям ёсць балотцы, якія мажліва перабегчы мне, а не коннікам (хоць, можа, калі яны здані, яны пералятуць іх у паветры). Я магу заблытаць сляды.
Я зняў боты, каб у першыя хвіліны не прыцягнуць увагі пагоні гукамі сваіх крокаў, і пайшоў, спачатку няспешна, а пасля, калі лагчына схавалася, хутчэй. Я пятляў, бег па верасе, ногі мае ўзмоклі ад расы. Я накіраваўся спачатку ўздоўж лагчыны, а пасля крута звярнуў да Балотных Ялін хмызамі. Некалькі разоў я бег па вадзе — ці зважаць мне было на гэта? Хутка я зноў дабег да сцежкі, а калі павярнуўся, то пабачыў дзікае паляванне ўжо на гэтым баку. Яно з той самай тупой упартасцю рухалася па маіх слядах. Пагоня імчала, грывы і плашчы рэялі ў паветры.
Карыстаючыся тым, што я схаваны ад іх хмызамі, а сцежка ідзе пад гару, я ўзяў боты ў рукі і даў па сцежцы такі клас бегу, якога не даваў ніколі да гэтага і бадай што ніколі — пасля. Я імчаў так, што вецер свісцеў у вушах, паліла ў лёгкіх, выядаў вочы пот. А тупат за маёй спіною хоць павольна, а набліжаўся.
|< Пред. 114 115 116 117 118 След. >|