Страница:
115 из 253
Я яшчэ сумняваўся, калі вецерпрынёс аднекуль далёкі водгук паляўнічага рога. Халодны сухі мароз прайшоў па маёй спіне.
Цьмяныя цені коннікаў беглі ад дарогі наўскос да дрыгвяністай лагчыны. Веялі па ветры плашчы-велеісы, коннікі прама, як лялькі, сядзелі ў сядле, і ніводны гук не далятаў адтуль. Менавіта ў гэтым маўчанні і было самае жахлівае. Нейкія светлыя плямы выдзяляліся на гэтым туманным фоне. А дваццаць першы скакаў наперадзе, не матляючыся ў сядле, вочы яго закрываў нізка насунуты капялюх з пяром, твар быў змрочны і бледны, вусны падціснуты.
Дзікі верас спяваў пад іхнімі нагамі.
Я дапытліва глядзеў на вострыя насы, якія тырчалі з-пад капелюхоў, на тонкія, знізу калматыя ногі коней нейкай невядомай пароды.
Бязгучна скакала па верасе дзікае паляванне караля Стаха, імчалі шэрыя, туманныя, нахіленыя наперад постаці.
Я не адразу зразумеў, што яны, блукаючы балотам, натрапілі на мой след і зараз ідуць па ім па маю душу. Яны спыніліся, усё так жа бязгучна, каля таго месца, дзе я ўбіўся ў твань. Да іх было не менш дзесяці метраў праз дрыгву, я бачыў нават, што коні іхнія, туманныя коні, варанога і стракатага колераў, але не пачуў ніводнага гуку, толькі недзе ля пушчы часам спяваў прыглушаны рог. Я толькі бачыў, што адзін з іх павіснуў у сядле, паглядзеў на сляды, зноў выпраміўся. Правадыр махнуў рукою ў той бок, куды пайшоў я, агінаючы лагчыну, і паляванне памчала. Яшчэ хвілін пятнаццаць, і яно, агінуўшы лагчыну, павінна было быць тут.
|< Пред. 113 114 115 116 117 След. >|