Страница:
134 из 253
Пакой быў вельмі сціпла абстаўлены. Жалезны ложак, які нагадваў гільяціну, стол, два крэслы, яшчэ стол, увесь завалены кнігамі і паперамі. Толькі абрус на стале быў незвычайны, вельмі цяжкі, сіні з золатам. Звісаў ён да самай падлогі.
— Што, дзівіцеся? О, васпане, гэта адзінае, што засталося з былых рэчаў.
— Пане Берман…
— Я слухаю вас, пане.
Ён сеў, схіліўшы лялечную галаву, шырока раскрыўшы шэрыя вялізныя вочы і прыўзняўшы бровы.
— Я хачу спытаць у вас, другіх планаў дома няма?
— М-м… не… Ёсць яшчэ адзін, зроблены год трыццаць таму, але там проста сказана, што ён перамаляваны з таго, што я даў вам, і паказаны толькі новыя перагародкі. Вось ён, калі ласка.
Я паглядзеў на план. Берман меў рацыю.
— А скажыце, ці няма якога замаскіраванага памяшкання на другім паверсе, ля пустога пакоя з шафай?
Берман задумаўся.
— Не ведаю, васпане, не ведаю, вашамосць… Недзе там павінен быць сакрэтны асабісты архіў Яноўскіх, але дзе ён — не ведаю. Н-не ведаю…
Пальцы яго так і бегалі па абрусе, выбіваючы нейкі незразумелы марш.
Я падняўся, падзякаваў гаспадару і выйшаў.
«І чаго ён так перапалохаўся? — падумалася мне. — Пальцы бегаюць, твар белы! У, халасцяк чортаў, людзей пачаў баяцца…»
І, аднак, нейкая думка свідравала мой мозг.
«Чаму? Чаму? Не, нешта тут нячыста. І чамусьці круціцца ў галаве слова «рукі». Рукі. Рукі. Пры чым тут рукі? Нешта павінна ў гэтым слове хавацца, калі яно так лезе з падсвядомасці».
|< Пред. 132 133 134 135 136 След. >|