Страница:
136 из 253
І Ясік памірае…
— А што з ім?
— Не ведаю, — бязгучна сказала яна.
У маёй кішэні знайшлася цукерка, я даў яе жанчыне.
Але дзіцёнак не еў.
— Што ж мне рабіць з табою, любая?
Селянін на валакушы ехаў дарогаю. Я паклікаў яго, даў яму рубель і папрасіў завезці жанчыну ў Балотныя Яліны, каб яе там накармілі і далі дзе-небудзь адпачыць.
— Дай вам Божа здароўечка, пане, — бязвольна сказала жанчына. — Нам нідзе тут не давалі есці. Пакарай Божа тых, хто зганяе людзей з зямлі.
— А хто сагнаў?
— Пан.
— Які пан?
— Пан Антось. Худы такі…
— А як яго прозвішча, дзе ваша вёска?
— Не ведаю. Тут, за лесам. Добрая вёска. У нас і грошы былі, пяць рублёў. Але сагналі.
І ў вачах яе было здзіўленне перад тымі, хто не ўзяў нават пяці рублёў і сагнаў іх з зямлі.
— А муж дзе?
— Забілі.
— Хто забіў?
— Мы крычалі, плакалі, не хацелі ісці. Язэп таксама крычаў. Пасля стралялі. Ён лёг. А ўночы прыйшло дзікае паляванне і зацягнула ў багну самых большых крыкуноў. Яны зніклі… Больш ніхто не крычаў.
Я паспяшыў адправіць іх, а сам пайшоў далей, не памятаючы сябе ад роспачы. Божа мой, якая цемра! Якая забітасць! Як звараціць гэту гару? У Дубатоўка мы зжэрлі столькі, што хапіла б сорак Ясікаў выратаваць ад смерці. Галоднаму не даюць хлеба, ягоны хлеб аддаюць салдату, які страляе ў яго за тое, што ён галодны. Дзяржаўная мудрасць! І гэтыя няшчасныя маўчаць.
|< Пред. 134 135 136 137 138 След. >|