Страница:
132 из 253
А ён, відаць, дзейнічаў таксама інстынктыўна: уцякаў ва ўсе лапаткі і так хутка, што храбусценне сціхнула, а я так і не пабачыў яго.
Тады я павярнуўся і пайшоў дадому. Я ішоў і амаль роў ад крыўды. У пакоі я агледзеў рану: глупства, драпіна верхняга плечавога мускула. Але за што? За што? З песні слова не выкінеш, напэўна, пасля ўзрушэння апошніх дзён выявіўся ў мяне агульны заняпад нерваў, але я гадзіны дзве літаральна курчыўся ад жаху на сваім ложку. Ніколі б я не падумаў, што чалавек можа быць такім мізэрным смаўжом. Я ледзь не плакаў.
Прыпомнілася папярэджанне, крокі ў калідоры, жахлівы твар у акне. Блакітная Жанчына, бег па верасовых пустках, гэты стрэл у спіну.
Заб'юць, неадменна заб'юць. Мне здавалася, што цемра глядзіць на мяне нябачнымі вачыма нейкай пачвары, што вось нехта падкрадзецца зараз і схопіць. Сорамна сказаць, але я накінуў коўдру на галаву, каб не схапілі з боку падушкі, як быццам коўдра магла абараніць. І мімаволі невядома адкуль з'явілася подленькая думка: «Трэба ўцякаць. Ім лёгка на мяне пакладацца. Няхай самі разбіраюцца з гэтымі агідамі і з гэтым паляваннем. Звар'яцею, калі яшчэ тыдзень пабуду тут».
Ніякія маральныя крытэрыі не дапамагалі, я калаціўся як асінавы ліст, а калі заснуў, то быў такім выснажаным, быццам век вазіў каменні. Напэўна, калі б прагучалі крокі Малога Чалавека, я б залез у той вечар пад ложак, але таго, на шчасце, не было.
Ранак надаў мне мужнасці, я быў надзіва спакойны.
|< Пред. 130 131 132 133 134 След. >|