Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 153 из 253

Яна павольна, вельмі павольна прыходзіла да прытомнасці, і веі яе ледзь прыкметна ўздрыгвалі, калі я дакранаўся рукою да яе галавы. Так затурканае шчанё прымае ласкі чалавека, які ўпершыню вырашыў пагладзіць яго: бровы яго ўздрыгваюць, чакаючы кожны раз удару, калі заносіцца рука.

А грукат быў далей, і ўся сутнасць мая пакутліва ўстала да таго, каб разам з ёй выскачыць на сходы, страляць у гэтых нетапыроў і разам з ёю ўпасці на прыступкі і памерці, адчуваючы яе поруч з сабою, тут, усю ля сябе. Усё адно нельга так жыць.

А голас рыдаў здалёку:

— Раман! Раман! Выходзь! Каням пад ногі душу тваю! Гэта яшчэ не зараз! Потым! Заўтра… Пасля! Але мы прыйдзем! Прыйдзем!

І цішыня. Яна ляжала ў маіх абдоймах, і як быццам ціхая музыка пачала найграваць недзе, можа, у маёй душы. Ціхая-ціхая, далёкая-далёкая, пяшчотная: пра сонца, малінавыя ад канюшыны лугі пад дымнай бліскучай расою, пра залівісты спеў гівала ў шатах вялікіх ліп. Яе твар быў такі спакойны, як у спячага дзіцяці. Вось прарваўся ўздых, раскрыліся вочы, здзіўлена паглядзелі вакол, пасуравелі.

— Прабачце, я пайду.

|< Пред. 151 152 153 154 155 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]