Страница:
152 из 253
Мы моўчкі спусціліся ў ніжнюю залу і падышлі да каміна. Стоячы, глядзелі ў агонь, чырвоныя адбіткі якога клаліся на твар Яноўскай. Яна змянілася за апошнія дні, магчыма, пасталела, магчыма, проста пачала ператварацца ў жанчыну. Напэўна, нічыё вока, акрамя майго, не заўважыла гэтых змен. Толькі я адзін бачыў, што ў бледным парастку, які рос у сутарэнні, зацеплілася, пакуль яшчэ непрыкметна, жыццё. Погляд стаў больш асэнсаваным і цікаўным да жыцця, хоць застарэлы жах па-ранейшаму ляжаў маскай на твары. Трошкі больш ажыўленым стала аблічча. Бледны парастак чамусьці пачынаў ажываць.
— Добра стаяць так, Надзея Раманаўна, — задумліва сказаў я. — Агонь гарыць…
— Агонь. Добра, калі ён ёсць, калі ён гарыць. Добра, калі людзі не хлусяць.
Дзікі, нялюдскай сілы, крык прагучаў аднекуль знадворку — здавалася, што гэта крычыць і рыдае не чалавек, а дэман. І адразу пачуўся ўпэўнены, уладарны пошчак конскіх капытоў ля сходаў. А голас рыдаў і крычаў так па-нялюдску, як быццам не з чалавечых грудзей выходзіў:
— Раман у дваццатым калене — выходзь! Помста! Апошняя помста! Авой! Авой!
І яшчэ нешта, чаму не было назвы. Я мог бы зараз выскачыць на сходы, і страляць у гэтую дзікую поскудзь, і пакласці на месцы хоць каго-небудзь, але на руках у мяне ляжала яна, і я адчуваў праз сукно, як калацілася яе спуджанае сэрцайка, як яно паступова замірала, білася ўсё радзей, радзей. Спуджаны да немагчымасці за яе жыццё, я пачаў няўпэўненымі рухамі гладзіць яе валасы.
|< Пред. 150 151 152 153 154 След. >|