Страница:
151 из 253
Можа, ты і Блакітную Жанчыну сюды пускаеш? Чаму ўчора акно ў калідоры адчыняла?
— Та-тачка ты мой? А я ж яго не адчыняла! А холадна ж было… Я яшчэ здзівілася, чаму адчынена! — амаль галасіла яна.
На твары гэтай поскудзі было столькі боязі, што я мог бы змоўкнуць, але не мог. Я згубіў усякую разважлівасць.
— Смерці ёй зычыш! Сабакі зласлівыя, крумкачы! Прэч адсюль! Вон! Яна высакародная, ваша гаспадыня, яна, можа, і не прагоніць вас, але я абяцаю вам, калі вы не пойдзеце з палаца, які засмуродзілі сваім дыханнем, вы сядзеце ў турму маімі клопатамі.
Яна пайшла да сходаў, горка плачучы. Я ішоў за ёй. Мы выбраліся ў пакой, і тут я здзіўлена спыніўся. Яноўская стаяла перад намі ў белай сукні і са свечкай у руках. Твар яе быў засмучаны, і яна грэбліва паглядзела на ахмістрыню.
— Пан Беларэцкі, я выпадкова чула вашу размову, чула з самага пачатку. Я ішла амаль за вамі. Я нарэшце ведаю глыбіню сумлення і подласці. А ты, — яна звярнулася да Закрэўскай, якая стаяла, занурыўшыся, убаку, -…заставайся тут. Я дарую табе, з цяжкасцю, але дарую. Даруйце і вы, пан Беларэцкі. Дурным людзям часам трэба дараваць. Бо куды яна пойдзе адсюль. Яе нідзе не возьмуць, старую дурную бабу.
Адна сляза скацілася з яе павек. Яна павярнулася і пайшла. За ёю крочыў я. Яноўская спынілася ў канцы калідора і ціха сказала мне:
— Людзі ламаюцца з-за гэтых папер. Каб не забарона продкаў, з якой радасцю я аддала б камусьці гэты гнілы цёмны дом. Ён мне адна пакута, як і сваё імя. Хоць бы памерці хутчэй. Тады я пакінула б яго гэтай бабе з каменным сэрцам і дурной галавою. Няхай радавалася б, калі яна здатная так поўзаць на жываце з-за гэтай дрэні.
|< Пред. 149 150 151 152 153 След. >|