Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 16 из 253

Такія стрэльбы звычайна б'юць, як гарматы, і так адбіваюць у плячо, што непадрыхтаваны чалавек валіцца на зямлю як сноп.

І я чамусьці з задавальненнем падумаў, што ў маёй кішэні зараз цудоўны англійскі рэвальвер на шэсць набояў.

Ян узяў фурмана і павёў яго да дзвярэй, ледзь варушачы нягнуткімі старэчымі нагамі. Я пабачыў, што нават рукі ягоныя трэсліся. Варта была ненадзейная.

«Добрая дапамога для гаспадыні», — з горыччу падумаў я.

А гаспадыня адразу ж кранула мяне за плячо і загадала ісці за ёю ў «апартаменты». Мы прайшлі яшчэ адну клятушку, старая жанчына адчыніла дзверы, і я ціха войкнуў ад здзіўлення і захаплення.

Перад намі была вялікая прыхожая-гасціная, як гэта вадзілася ў старасвецкіх панскіх дамах. Але што за прыхожая!

Яна была вялізная, такая вялізная, што мой змрочны адбітак у люстры недзе на другой сцяне здаваўся не большым за суглоб мезенца. Падлога з дубовых цаглін, зараз даволі пашарпаных, неабсяжна высокія сцены, ашаляваныя чорнымі ад старасці, бліскучымі дошкамі, разьбованымі па краях, вокны амаль пад столлю, маленькія, у глыбокіх стральчатых нішах.

Відаць, мы ў цемры ўзбіліся на бакавы ганак, бо проста направа ад мяне быў парадны ўваход: шырокія, таксама стральчатыя, дзверы, падзеленыя драўлянымі калонкамі на тры часткі. На калонках была трохі пашчапаная часам разьба: кветкі, пялёсткі і плады. За дзвярыма, у глыбіні вестыбюля, — уваходныя дзверы, масіўныя, дубовыя, акутыя пацямнелымі бронзавымі цвікамі з квадратнымі галоўкамі.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]