Страница:
15 из 253
У вас ёсць што апрануць з сухога?
Сак мой, на шчасце, быў сухі, я пераапрануўся перад камінам, вопратку маю і фурманову бабуля некуды пацягнула, а пасля зайшла ў пакой з сухою — для фурмана. Зайшла, не звяртаючы ўвагі на тое, што фурман стаяў зусім голы і сарамліва паварочваўся да яе спіною.
Паглядзела на яго сінюю спіну і сказала непрыхільна:
— Ты, малец, ад мяне не вельмі адварочвайся, я старая баба. І пальцы на нагах не падціскай. На вось, пераапранайся лепей хутчэй.
Калі мы пераапрануліся і трохі сагрэліся ля каміна, бабуля паглядзела на нас глыбока запалымі вачыма і сказала:
— Ну, вось і добра. Ты, малец, пойдзеш зараз з Янам начаваць, тут табе будзе нязручна. Ян!
Ян з'явіўся. Гэта быў падслепаваты чалавек год шасцідзесяці з доўгімі сівымі валасамі, носам, вострым, як шыла, запалымі шчокамі, з вусамі, якія звісалі да сярэдзіны грудзей.
Я вельмі здзівіўся, што адна бабуля з рагачом у руцэ адчыніла нам дзверы, не пабаялася двух дарослых мужыкоў, якія невядома адкуль з'явіліся ўначы, але пасля таго, як пабачыў Яна, зразумеў, што ён стаяў недзе ў засадзе і жанчына спадзявалася на яго дапамогу.
Дапамога была важнецкая: у руках старога вартаўніка я пабачыў стрэльбу. Гэта была нават не зусім стрэльба, да яе больш пасавала б назва «мушкет».
Стрэльба была вышэй галавы, прыблізна дзюймаў на шэсць, ствол яе быў з насечкамі і шырокім раструбам на канцы, ложа і прыклад заляпаныя, выцертыя, з брамкі звісаў фіціль. Словам, ёй даўно было месца недзе ў музеі зброі.
|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|