Страница:
14 из 253
А матка боская! А пакутнічкі нябесныя!
І зараз такая дабрыня і такі адчай адчуваліся ў яе словах, што я дараваў ёй гэтую гадзіну на ганку.
Дзверы загрукалі засаўкамі, пасля зарыпелі, разыходзячыся і прапускаючы ў начную цемру смугу аранжавага цьмянага святла.
Перад намі стаяла невялічкая бабулька ў шырокай, як звон, сукні, ліловай шнуроўцы, у якой, напэўна, хадзілі нашы прапрашчуры пры каралі Стасе, і ў вялікім крухмальным чапцы. Твар у добрых зморшчынах, нос кручкаваты, а рот вялізны, падобны на шчыпцы для арэхаў, з трошкі адтапыранымі наперад вуснамі. Кругленькая, амаль як бочачка сярэдняй велічыні, з пухленькімі ручкамі — яна так і напрошвалася на тое, каб яе клікалі «маці». І ў руках у гэтай бабулі быў вялізны пячны рагач: зброя. Я ледзь не зарагатаў, але ў час прыпомніў халодную дрыгву і дождж за вокнамі і змаўчаў. Колькі людзей і зараз стрымлівае смех з таго, што варта смеху, прыпамятаўшы, што за сцяною дождж!
Мы ўвайшлі ў пакойчык, дзе пахла мышамі, і струмені вады адразу пабеглі з нашай вопраткі на падлогу. Я глянуў на свае ногі і жахнуўся: яны амаль па калена былі ў бурай кашы, як у ботах.
Бабуля толькі галавою паківала.
— Бачыце, я адразу сказала, што гэта тая жахлівая твань. Вы, пане купец, павінны паставіць свечку за тое, што так лёгка абышлося. — І яна адчыніла дзверы ў суседні пакоік, дзе жарка палаў камін. — Добра абышлося. Скідвайце адразу ж вопратку, сушыцеся.
|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|