Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 164 из 253

Ранак і на самай справе быў цудоўны: шэранькі дзень, але за хмарамі ўгадвалася блізкае сонца, і кожны жоўты лісцік на дрэвах млеў, здаецца, нават пацягваўся ад насалоды пад цёплай не па-асенняму расяніцай. І нават нейкія птушкі пяшчотна і задумліва спявалі ў хмызах. Праз галявіну далёка пад намі бачна было роўнае займішча, далей — бязмежны абшар карычневых балот, верасовыя пусткі. Балотныя Яліны далёка за імі. І ўсё гэта мела нейкую сумную, не кожнаму зразумелую прыгажосць, якая кожнага сына гэтых панурых мясцін балюча і соладка кранае за сэрца.

— Бачыце, асінка выбегла на поле. Чырвоная, засаромелася бедная дзяўчынка, — расчуленым голасам вымавіў Свеціловіч.

Ён стаяў над урвішчам, аж падаўшыся наперад. Лёгкі ветрык развяваў яго доўгія прыгожыя валасы. Аскетычны рот стаў мяккім, блукаючая няпэўная ўсмешка была на ім. Вочы глядзелі ўдалячынь, і ўвесь ён здаваўся нейкім лёгкім, імпэтным, імкнучыся ў гэты бедны, дарагі абшар.

«Вось так і на крыж ідуць такія, — зноў падумаў я. — Прыгожую галаву пад мярзотную брудную сякеру…»

І сапраўды, нейкая прага жыцця і імкнення да самаахвяравання была ў гэтым прыгожым твары, у тонкіх, продкі-паэты сказалі б «лілейных», руках, у стройнай прыгожай шыі, цвёрдых карых вачах з доўгімі вейкамі, але з металічным бляскам углыбіні.

— Ах, зямля мая! — уздыхнуў ён. — Дарагая мая, адзіная! Як жа ж ты дрэнна ставішся да тых асінак, якія папярод усіх выбягаюць на поле, на святло. Першай засыпле іх снегам зіма, зламае вецер. Не спяшайся, дурненькая! Куды там! Яна не можа.

Я паклаў руку яму на плячо, але хутка зняў яе.

|< Пред. 162 163 164 165 166 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]