Страница:
166 из 253
Дзе гэта будзе? На прэнгу ў катоўні? На шыбеніцы перад народам? У безнадзейнай бойцы інсургентаў з войскам? За пісьмовым сталом, за якім яны спяшаюцца запісаць апошнія палаючыя думкі, дыхаючы кавалкамі лёгкіх? У калідорах турмаў, калі ім страляюць у патыліцу, не насмельваючыся зірнуць у вочы? Вочы яго блішчалі.
— Каліноўскі ішоў на шыбеніцу. Пяроўскую, жанчыну, на якую глянуць было толькі — і памірай, на эшафот… Гэткую прыгажосць — бруднай шворкай за шыю. Ведаеш, Яноўская на яе трохі падобная. Таму і яе абагаўляю, хоць гэта не тое. А яна шляхцянка была, Значыцца, ёсць выхад і для некаторых з нашых. Толькі па гэтай дарозе, калі не хочаш згнісці жыўцом… Душылі. Думаеш, усіх перадушылі? Расце сіла. З імі хоць рабром на круку вісець, абы не імчала над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха, жах мінулага, апакаліпсіс ягоны, смерць. Вось скончу я толькі гэта і паеду. Скончу хутка, думка ў мяне з'явілася. А там… эх, не магу я тут. Ведаеш, якія ў мяне ёсць сябры, што мы павінны распачаць?! Калаціцца будуць тыя, тлустыя. Не перадушылі. Моцным пажарам пахне. І гады, гады наперадзе! Колькі пакуты, колькі шчасця! Якая залатая, чароўная далячынь, якая будучыня чакае!
Слёзы пырснулі з вачэй гэтага чалавека. Я не вытрымаў і кінуўся яму на шыю. Не памятаю, як мы развіталіся. Памятаю толькі, як стройная юнацкая яго постаць вымалявалася на верхавіне кургана. Ён павярнуўся да мяне на хвіліну, махнуў капелюхам, крыкнуў:
— Гады наперадзе! Далячынь! Сонца!
І знік. Я пайшоў адзін дадому. Я верыў, зараз мне ўсё па плячы.
|< Пред. 164 165 166 167 168 След. >|