Страница:
165 из 253
Я адчуў, што ён зусім не я, што гэта зараз чалавек, які ляціць, якога няма тут, які нават не саромеецца высокіх слоў, якіх мужчыны звычайна ўнікаюць.
— Памятаеце, Беларэцкі, вашу прадмову да «Беларускіх песень, балад і легенд». Я памятаю: «Горка стала беларускаму майму сэрцу, калі пабачыў я такую занядбанасць нашых лепшых, залатых нашых слоў і спраў». Цудоўныя словы, за іх толькі даруюць вам усе грахі. А што ж казаць, калі не толькі беларускае маё, калі чалавечае маё сэрца баліць ад занядбанасці нашай і агульнай, ад болю, ад бяссільных слёз няшчасных матак. Нельга, нельга так жыць, дарагі Беларэцкі. Чалавек добры, а з яго робяць жывёлу. Ніхто, ніхто не хоча даць яму магчымасць быць чалавекам. Відаць, нельга проста крыкнуць: «Абдыміцеся, людзі!» І вось ідуць людзі, на дыбу ідуць. Не дзеля славы, а дзеля таго, каб забіць пакуты сумлення, — як часам ідзе чалавек, не ведаючы дарогі, у пушчу, ратаваць сябра, бо сорамна, сорамна стаяць. Ідуць, блытаюць, гінуць. Ведаюць толькі, што не такім павінен быць чалавек, што нельга яму абяцаць райскую канюшыну, што шчасце яму патрэбна пад гэтымі вось дымнымі столямі. І мужнасць іхняя большая, чым у Хрыста: яны ведаюць, яны не ўваскрэснуць пасля распяцця. Толькі крукі над імі будуць лётаць ды плакаць жанчыны. І, галоўнае, святыя іхнія маці.
Ён здаўся мне ў гэтую хвіліну такім прыўкрасным, такім нялюдскім чалавекам, што я з жахам праз завесу будучага прададчуў яго смерць. Такія не жывуць.
|< Пред. 163 164 165 166 167 След. >|