Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 176 из 253

На хаду я скінуў куртку, шапку, выкінуў з кішэняў залаты партабак і кішэнькавае выданне Дантэ, якое заўсёды насіў з сабою. Бегчы стала трохі лягчэй. Я скінуў бы нават боты, каб для гэтага не трэба было затрымацца. Гэта быў шалёны бег. Па маіх разліках, я павінен быў дабегчы да хвой хвілін на дваццаць пазней друга. Жах, адчай, нянавісць надавалі мне сілы. Вецер, які ўзняўся раптам, падштурхваў у спіну. Я не заўважаў, што хмары нарэшце заснавалі ўсё неба, што нешта цяжкае, давячае навісла над зямлёю: я — імчаў…

Тры вялізныя хвоі ўжо вымалёўваліся над чэзлымі хмызамі, а над імі была такая цемра, такое змрочнае неба… Я рынуўся ў хмызы, ламаючы іх нагамі. І тут… здалёк прагучаў стрэл старажытнага пулгака.

Я крыкнуў дзікім голасам, і, як быццам у адказ на мой крык, цішыню ночы раздзёр шалёны тупат конскіх капытоў.

Я выскачыў на паляну і пабачыў далёка цені дзесяці коннікаў, якія на поўным намёце паварочвалі ў хмызы. А пад соснамі я пабачыў чалавечую постаць, якая павольна, вельмі павольна асядала на зямлю.

Пакуль я дабег туды, чалавек упаў дагары тварам і шырока раскінуўшы рукі, як быццам жадаў целам сваім прыкрыць сваю зямлю ад куль. Я паспеў яшчэ стрэліць некалькі разоў у бок уцякаючых коннікаў, мне здалося нават, што адзін з іх пахіснуўся ў сядле, але адразу за гэтым выбух нечаканага гора зваліў мяне на калені поруч з ляжачым чалавекам.

— Брат! Брат мой! Брат!

Ён ляжаў перада мною зусім як жывы, і толькі маленькая ранка, з якой амаль не цякла кроў, гаварыла мне жорсткую непапраўную праўду.

Куля прабіла скронь і выйшла ў патыліцу.

|< Пред. 174 175 176 177 178 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]