Страница:
174 из 253
На сцяне партрэты: гравіраваны — Марата ў ванне, паражонага кінжалам, алоўкам — Каліноўскага. На другой сцяне карыкатура: Мураўёў з бізуном у руцэ стаіць на кучы чарапоў. Яго бульдожы твар грозны. Каткоў, нізка схіліўшыся, ліжа яму зад.
Я пераварушыў на стале ўсе паперы, але ў запале нічога не адшукаў, акрамя аркуша, на якім рукою Свеціловіча было напісана: «Няўжо ён?» Я хапіў пляцёнку для папер і высыпаў яе на падлогу: там нічога цікавага, толькі канверт з шурпатай паперы, на якім лёкайскім почыркам было напісана: «Андрусю Свеціловічу».
— Былі сёння пану якія лісты? — спытаў я ў конча здзіўленага Кандрата.
— Быў адзін, я знайшоў яго пад дзвярыма, калі вярнуўся з агародчыка. І аддаў, вядома.
— Ён быў не ў гэтым канверце?
— Чакайце… Ну, вядома, так.
— А дзе сам ліст?
— Ліст? Д'ябал яго ведае. Хіба, можа, у печцы?
Я кінуўся да печкі, адчыніў дзверцы — адтуль шыбанула не вельмі гарачым духам. Я пабачыў ля самых дзверцаў маленькі лапік белай паперы. Схапіў яго — почырк быў той самы, што на канверце.
— Шчасце тваё, чортава душа, — вылаяўся я, — што ты рана вытапіў печку.
Але гэта было яшчэ не зусім шчасцем. Паперка была складзена ўдвая, і той яе бок, што быў бліжэй да жарынак, зараз ужо ўкрытых шэрым попелам, стаў зусім карычневым. Літар там нельга было разабраць.
«Андрусь! Я даведаўся, што ты цікавішся дзікім паляваннем… ха… Надзеі Раманаўне небяспека… мая до… (тут быў выпалены асабліва вялікі кавалак) …кутавае. Сёння я размаўляў з панам Беларэцкім.
|< Пред. 172 173 174 175 176 След. >|