Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 175 из 253

Ён згодзен… пайшоў у павет… Дрыкганты — гало… ка… Калі атрымаеш ліст — адразу прыходзь да… ніны, дзе тры асобныя хвоі. Я і Беларэцкі будзем чакаць… ічкі на… што гэта коіцца на зя… Прыходзь неадменна. Ліст спалі, бо мне асабліва небяспеч… Тв… ся… Над імі таксама жахлівая небяспека, якую можаш папярэдзіць толькі ты… (зноў выпалена многа) …одзь.

Твой добразычлівы Лікол…»

Справа была яснай: хтосьці прыслаў ліст, каб выбавіць Свеціловіча з хаты. Ён паверыў. Відаць, той, хто пісаў, быў яму добра знаёмы. Тут замыслілі нешта езуіцкі вытанчанае. Каб ён не пайшоў да мяне, напісалі, што размаўлялі са мною, што я пабег у павет, што я буду чакаць яго недзе «…ніны, дзе тры асобныя хвоі». Што гэта за «…ніны»? Да лагчыны? Да раўніны? Марудзіць не было калі.

— Кандрат, дзе тут непадалёк на раўніне тры асобныя хвоі?

— Ляд яго ведае, — задумаўся ён. — Хіба што толькі ля Волатавай прорвы. Там стаяць тры вялізныя хвоі. Гэта там, дзе коні караля Стаха, — кажуць людзі, — ускочылі ў дрыгву. А што такое?

— А тое, што над панам Андрэем жахлівая небяспека… Даўно ён пайшоў?

— Ды не, напэўна, гадзіну таму.

Я выцягнуў яго на ганак, і ён, ледзь не плачучы, паказаў мне шлях да трох хвой. Я загадаў яму заставацца тут, а сам пабег. Я не ішоў на гэты раз, перамяжаючы бег. Я ляцеў, я імчаў, я выкладваў апошнія сілы, як быццам хацеў там, ля трох хвой, упасці мёртвым.

|< Пред. 173 174 175 176 177 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]