Страница:
205 из 253
О, як пах тым'ян, якія скразныя блакітныя цені ляжалі на зямлі! Якое добрае было жыццё нават у гэтым агідным месцы! А чалавек быў вымушаны плазаваць, як гад, у траве, замест таго каб вольна дыхаць гэтым халодным бадзёрым паветрам, глядзець на месяц, распраўляць грудзі, хадзіць ад радасці на руках, цалаваць вочы любай.
Месяц свяціў на мёртвы твар Бермана. Вялікія рахманыя вочы былі вырачаны, твар перакрыўлены грымасай нялюдскай пакуты.
За што яго? Няўжо ён не вінен? Я ж быў упэўнены, што гэта ён. Ах, як горка, як радасна пах тым'ян! Травы, нават паміраючы, патыхаюць горка і радасна.
У тую ж хвіліну я інстынктыўна, яшчэ не разумеючы, у чым справа, паплазаваў назад. Я адпоўз даволі далёка, калі пачуў далёкія крокі. Ішлі два чалавекі. Я быў пад вялікай ніцай вярбой. Стаў на ногі (людзі не маглі мяне заўважыць, я зліваўся са сцяною лесу), падскочыў, і, падцягнуўшыся на руках, узлез на дрэва, і захаваўся ў яго гушчары, як вялізная дравесная жаба.
Два цені падышлі да забітага. Месяц свяціў проста на іх, але твары былі закрыты кавалкамі цёмнай матэрыі.
Дзіўныя гэта былі постаці: у старых капцях, у чугах, з доўгімі валасамі, на якіх ледзь трымаліся плеценыя з палосак скуры шапкі (такія можна было бачыць у музеі месца Віленскага). На плячах доўгія плашчы.
Яны падышлі да трупа і схіліліся над ім. Я чуў урыўкі іх размовы:
— Абодва трапілі на адну і тую ж вуду… Лікол… Х-хе, як яны, аднак, паверылі гэтай дзіцячай мянушцы. І той паследыш, і гэтая свіння. Лікол… даў ім Лікол.
І раптам адзін з іх не ўстрымаўся ад здзіўленага ўскрыку:
— Што такое?
— Глядзі, Пацук, гэта не той.
|< Пред. 203 204 205 206 207 След. >|