Страница:
203 из 253
Там твой невядомы дабрадзей раскажа табе, у чым корань смяротных падзей».
Я на хвіліну завагаўся, прыпамятаўшы лёс Свеціловіча, але доўга вагацца нельга было: гадзіннік паказваў без пятнаццаці сем. А тут яшчэ Бермана няма… Куды пайшоў? Калі ён і Малы Чалавек, і кіраўнік дзікага палявання, ён павінен вельмі занепакоіцца, прачытаўшы перлюстраваны ім ліст. Ці не пайшоў ён замест мяне на спатканне з незнаёмцам, каб замкнуць яму рот? Цалкам магчыма. А тут яшчэ вартаўнік на маё пытанне пра Бермана паказаў рукою на паўночны захад, якраз у напрамку алеі і дарогі, што вяла да крыжа Рамана Старога.
Я пабег туды ж. Ах, колькі я пабегаў за гэтыя дні і, як сказалі б зараз, патрэніраваўся! Чорт яго бяры, такі трэнінг, разам з Балотнымі Ялінамі! Ноч была трохі святлейшая, чым заўжды. Праменні вялізнага чырвонага месяца асвятлялі часам, прабіваючы хмары, зямлю, наўскос падалі паміж чорнымі стаўбурамі дрэў. Месяц стаяў над верасовымі пусткамі такі вялізны, круглы, чырвоны, такі райскі, ззяючы, такога вогненнага шчаслівага колеру была гэта планета, што туга па чымсьці светлым, пяшчотным, непадобным на гэтыя балоты і пусткі заліла маё сэрца. Быццам падплылі да зямлі і згаралі ў паветры нейкія невядомыя краіны, гарады з расплаўленага золата, і быццам было ў іх іншае, не такое, як наша, жыццё.
Месяц між тым, плывучы вышэй, паменшаў, збялеў і адразу пачаў раз-пораз засноўвацца драбнюткімі белымі хмаркамі, падобнымі на кіслае малако.
|< Пред. 201 202 203 204 205 След. >|