Страница:
22 из 253
І ўсё ж падабенства было, тое звышпадабенства, якое прымушае нас пазнаваць у натоўпе двух зусім не падобных братоў: брунета і бландзіна. Не, нават большае. У іх былі зусім аднолькавыя валасы, нос той самай формы, той самы разрэз рота і тыя самыя белыя роўныя зубы. І, акрамя гэтага, яшчэ тое агульнае падабенства ў выразе твару, нешта радавое, спрадвечнае.
І ўсё ж такой непрыемнай асобы мне яшчэ не даводзілася бачыць. Усё тое самае, і ўсё — не тое. Маленькая ростам, худзенькая, танюткая, як галінка, з амаль неразвітымі клубамі і ўбогімі грудзямі, з блакітнымі жылкамі на шыі і руках, у якіх зусім, здавалася, не было крыві, — яна была слабай, як сцяблінка палыну на мяжы.
Вельмі тонкая скура, тонкая доўгая шыя, нават прычоска нейкая незразумела невыразная. І гэта было тым больш дзіўным, што валасы былі залацістыя, дзівоснай пышнасці і прыгажосці. Нашто быў гэты недарэчны затрапезны кукіш на патыліцы?
Рысы твару былі выразныя, рэзка акрэсленыя, такія правільныя, што згадзіліся б як узор нават вялікаму скульптару. І ўсё ж я не думаю, каб які-небудзь скульптар спакусіўся б ляпіць з яе Юнону: рэдка мне здаралася бачыць такі непрыемны, варты жалю твар. Вусны дзіўна перакрыўленыя, ля носа глыбокія цені, колер твару шэры, чорныя бровы ў нейкім дзівацкім надломе, вочы вялізныя-вялізныя, чорныя, але і ў іх нейкі незразумелы застыглы выраз.
«Небарака, д'ябальскі непрыгожая», — з жалем падумаў я і апусціў вочы.
|< Пред. 20 21 22 23 24 След. >|