Страница:
24 из 253
Толькі вельмі, вельмі рэдка прыязджаюцьда нас людзі. І яны баяцца. І я таксама мала каго магу пусціць да нас. Вы не такі, як іншыя… Рэдка ў нас бываюць вартыя даверу людзі.
Мяне непрыемна ўразіла такая, мякка кажучы, адкрытасць. Што гэта? Тонкі разлік або наіўнасць? Але колькі я ні глядзеў на гэты перакрыўлены твар, я не мог заўважыць на ім нават водбліску нейкай задняй думкі.
Твар быў прастадушны, дзіцячы. Але найбольш пераканаў мяне голас. Ён быў павольны, лянівы, абыякавы і адначасова трапяткі і перарывісты, як голас начной птушкі.
— І, да таго ж, я наогул бачыла вас… раней.
— Дзе? — шчыра здзівіўся я.
— Не ведаю. Я многіх людзей бачу. Мне здаецца, што я вас бачыла ў сне… Часта… А магчыма, і не ў сне. Вам не здаралася адчуваць такое… як быццам вы жылі калісьці, даўно… і зараз адкрываеце, знаходзіце зноў многае з таго, што бачылі… даўно-даўно.
Я чалавек здаровы. І я яшчэ не ведаў тады, што такое бывае часам у знерваваных людзей, людзей з вельмі тонкім успрыманнем. У іх неяк парушаецца сувязь паміж першасным успрыманнем і наступнымі ўяўленнямі памяці. Падобнае ім здаецца тоесным, яны адкрываюць у прадметах, якія ім зусім не знаёмыя, нешта даўно вядомае. А ўсведамленне — адвечны рэаліст — супраціўляецца гэтаму. Таму і атрымліваецца, што прадмет адначасова і цалкам незнаёмы, і таемна знаёмы.
Паўтараю, я не ведаў гэтага. І ўсё ж ні на хвіліну не закралася ў мой мозг думка, што гэта жанчына можа хлусіць, такой шчырасцю і абыякавасцю веяла ад яе слоў.
|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|