Страница:
220 из 253
І, седзячы ля дрэва, вы ў сне будзеце падаць вельмі часта, і адкрываць вочы, і зноў засынаць. І нарэшце дзіўныя сны авалодаюць вашай душой, знікне мільён год чалавечага існавання, і вам здасца, што пад дрэвам дапатопны мамант ідзе на вадапой і вочы пячорнага мядзведзя гараць з-пад скалы.
Прыблізна ў такім настроі быў і я. Сны… Сны… Мне здавалася, што я сяджу з доўбняю на каленях недзе на дрэве і мне страшна злезці, бо пада мною, па зямлі, ідзе нейкі пітэкантрап. І ноч, і стогнуць ваўкі за дрэвамі. У той самы момант я ўпаў і раскрыў вочы.
Проста ў паўцемры рухалася паўз мяне дзіўная істота. Зялёнае старадаўняе ўбранне было ў пыле і павуцінні, галава, доўгая, выцягнутая назад, як боб, задуменна апушчана, павекі, як у жабы, ледзь не закрывалі журботныя вочы, а рукі былі апушчаны ўніз, і доўгія-доўгія пальцы іх амаль даставалі да зямлі.
Малы Чалавек Балотных Ялін прамінуў мяне і праплыў далей, а я сачыў за ім з рэвальверам. Будынак быў яму, відаць, добра знаёмы. Ён адчыніў акно, пасля другое, пасля вылез у адно. Я высунуў за ім галаву і пабачыў, што гэта істота з малпячым спрытам ідзе па вузкім, у тры пальцы, карнізе. Ён амаль бег, як павук, з нечалавечай жвавасцю. Па ходзе справы ён адшчыкнуў з галіны ліпы, якая падыходзіла да сцяны, некалькі плодзікаў. Пачамкаў іх. Адной рукой ён дапамагаў сабе рухацца. Пасля ён зноў пралез у калідор, зачыніў вокны і павольна рушыў кудысьці калідорам, страшны ў сваёй нечалавечнасці.
|< Пред. 218 219 220 221 222 След. >|