Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 231 из 253

— Між іншым, Раман выдаў вас з галавою менавіта пасля смерці, хоць вы ягоным крыкам і не верылі. Не верылі яшчэ два дні таму, калі размаўлялі з Пацуком пасля забойства Бермана.

У Стахевіча аж сківіца адвалілася. Я ўладна загадаў яму распавядаць далей.

— Мы навялі жах на ўсё наваколле. Найміты згаджаліся на тую цану, якую даваў гаспадар. Мы сталі лепей жыць. А Яноўскую давялі да роспачы. І тут з'явіўся ты, Беларэцкі. Дубатоўк прывёз тады партрэт Рамана Старога нездарма. Каб не ты, яна была б вар'яткай праз тыдзень пасля гэтага. І тут пан Рыгор пабачыў, што памыліўся. Яна была вясёлай. Ты ўвесь час танцаваў з ёю. Дубатоўк назнарок запрасіў цябе, калі перадавалі справы апекі, каб ты пераканаўся, што яна бедная. Ён добра ўпраўляў маёнткам — гэта ж быў ягоны будучы маёнтак. Але беднасць Яноўскай на цябе не падзейнічала, і цябе вырашылі прыбраць.

— Між іншым, — сказаў я, — я ніколі не думаў ажаніцца з ёю.

Стахевіч невымоўна здзівіўся.

— Але нічога. Ты ўсё адно перашкаджаў нам. Яна аджыла з табою. Між іншым, Дубатоўк сапраўды любіў Яноўскую. Яму шкада было яе знішчаць,і каб магчыма было абысціся без гэтага, ахвотна згадзіўся б. І цябе ён паважаў. Казаў нам заўжды, што ты сапраўдны чалавек, шкада толькі, што не згодзішся быць з намі. Тады, на баль, Дубатоўк прывёз Яноўскай стары ўбор, бо ён тых, хто не звык да яго, робіць непрыгожым. І сам здзівіўся, так гэта нечакана добра атрымалася.

|< Пред. 229 230 231 232 233 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]