Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 233 из 253



— А чаму рог спяваў убаку? І яшчэ, дзе гэтыя навічкі зараз?

Стахевіч павагаўся:

— На паляўнічым розе граў адзін з нас, які ехаў нездалёк. А навічкі — вось яны, тут, ляжаць на зямлі. Нас было раней менш. І мы вялі з сабой коней з пудзіламі ў сядле. А частка маладых пайшла да Халоднай лагчыны Мы думалі, што ты там адзін, разам са сваім Рыгорам, вартуеш. Але мы не спадзяваліся, што вас тут — армія. І вось дорага заплацілі за гэта. Вось яны ляжаць: Пацук, Ян Стыровіч, Паўлюк Бабаед. І нават Варона. Ты пазногця ягонага не варты. Разумны быў Варона, а таксама не мінуў божага суда.

— Нашто вы падкінулі мне запіску пра тое, што паляванне караля Стаха прыходзіць уначы?

— Што ты, што ты, — захітаў Стахевіч галавою, — здані не падкідваюць запісак. Мы на такую дурасць не пайшлі б.

«Гэта, напэўна, Берман зрабіў», — падумаў я, а ўголас сказаў:

— А мяне гэтая запіска пераканала ў тым, што вы не здані, якраз у той момант, калі я пачынаў гэтаму верыць. Падзякуйце за гэта невядомаму дабрадзею, бо са зданямі я наўрад ці адважыўся б змагацца.

Стахевіч збялеў і, ледзь варушачы сківіцамі, кінуў:

— Гэтага чалавека мы б раздзёрлі на кавалкі. А вас я ненавіджу, нягледзячы на тое, што не мая сіла. І я буду маўчаць.

Рука Міхала схапіла палоннага ззаду за шыю і націснула за вушамі.

— Кажы. Іначай мы цябе тут…

— Добра. Ваша сіла… Радуйцеся, хлопцы… А мы вас таксама правучылі. Няхай хто даведаецца, куды галоўныя крыкуны падзеліся з вёскі Яркі, якую пан Антось Духвіца з зямлі сагнаў? Спытайце ў каго, можа, і даведаецеся.

|< Пред. 231 232 233 234 235 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]