Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 232 из 253

Словам, справы нашы ўскладніліся: трэба было ўбраць і вас, і Свеціловіча, які меў права на спадчыну і кахаў Яноўскую. Дубатоўк запрасіў вас да сябе, дзе Варона павінен быў вызваць вас на дуэль. Ён так добра разыграў усё гэта, што ніхто не падумаў, што не ён, а Дубатоўк быў натхніцелем справы, а мы тым часам разглядалі вас, бо трэба было добра запомніць ваш твар.

— Далей, — кінуў я.

Стахевіч завагаўся, але Міхал торкнуў яму злёгку віламі ў месца, адкуль растуць ногі. Марка паглядзеў вакол зацкаваным позіркам спадылба.

— З дуэллю атрымалася глупства. Дубатоўк падпойваў цябе, але ты не п'янеў. Ды яшчэ выявіўся такім спрытным, што паклаў Варону, і ён сапраўды павінен быў пяць дзён праляжаць у ложку.

— А як вы маглі адначасова быць у хаце і гнацца тады за мною?

— За абсадай Дубатоўкавай хаты чакалі другія, навічкі. Мы думалі іх спачатку пусціць па слядах Свеціловіча, калі цябе заб'юць, але Свеціловіч сядзеў з намі да наступнага дня, а Варона быў паранены. Іх пусцілі за табою. Дубатоўк дагэтуль не можа дараваць сабе, што па тваіх слядах пусцілі гэтых саплякоў. Каб не гэта — ты б ад нас не ўцёк нізавошта. І, да таго ж, мы думалі, што ты ішоў па дарозе, а ты рушыў пусткаю ды яшчэ прымусіў страціць час перад балотнай лагчынай. Пакуль сабакі натрапілі на след — было ўжо запозна. І дагэтуль мы не ведаем, як ты ўслізнуў тады ад нас, спрытняга! Але ведай, спаймалі б — не пашчасціла б табе.

|< Пред. 230 231 232 233 234 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]