Страница:
234 из 253
Шкада, што Дубатоўк не загадаў вас удзень падсцерагчы і застрэліць. А гэта ж лёгка было зрабіць, асабліва калі вы да Кульшаў ішлі, Беларэцкі. І я вас нават бачыў тады. Мы яшчэ тады зразумелі, што вы шворку на нашу шыю згатавалі. Кульша старая, хоць і вар'ятка, але магла пра нас нешта рэкнуць. Яна пачала здагадвацца, што была нашай зброяй у дзень забойства Рамана. Давялося яе тады толькі аднойчы з'яўленнем дзікага палявання настрашыць. Галава была слабая, адразу вар'яткай стала.
Я аж кіпеў ад усіх тых агідных учынкаў, ад усіх паскудстваў, пра якія распавядаў мне гэты чалавек. Толькі тут бездань шляхецкага падзення адкрылася мне. І я згадзіўся з Рыгорам, што гэту пароду трэба знішчыць, што яна пачала смярдзець на ўвесь свет.
— Далей, паскуднік!…
— Калі мы даведаліся, што Рыгор згадзіўся шукаць разам з вамі, мы зразумелі, што нам будзе вельмі дрэнна. Тут я ўпершыню пабачыў, як Дубатоўк спалохаўся. Ён аж жоўты зрабіўся. Трэба, кажа, канчаць, і не дзеля багацця, а дзеля ўласнай шкуры. І мы з'явіліся тады да палаца.
— Хто гэта крычаў тады? — сурова спатаў я.
— Хто крычаў, таго больш няма. Вось ён ляжыць… Пацук…
Стахевіч відавочна пацяшаўся, распавядаў пра ўсё з гонарам, хвацка і зухавата, з такім заліхвацкім маладзецтвам, быццам вось-вось «Баладу» Рубінштэйна заспявае, але я добра бачыў, што ён баіцца, хоць добра валодае сабою.
— Ды і я магу амаль так крычаць.
І ён закінуў галаву — жылы надуліся на яго шыі — і пачаў забіраць то вышэй, то ніжэй.
|< Пред. 232 233 234 235 236 След. >|