Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 26 из 253



Я ведаў, недалікатна было б распытваць далей. Я змаўчаў. І толькі пасля, калі яна відавочна супакоілася, сказаў:

— Прабачце, калі я вас уразіў, пані Яноўская. Я адразу зрабіўся вам непрыемным. Калі вы хочаце, каб я ад вас паехаў? Мне здаецца, лепей зараз.

Твар яе зноў дзіка скрывіўся.

— Ах, хіба ў тым справа! Не трэба. Вы вельмі, вельмі пакрыўдзіце мяне, калі паедзеце зараз. І да таго ж, — голас яе задрыжаў, — што, каб я папрасіла, разумееце, папрасіла вас застацца тут, у гэтым доме. Хоць бы на два-тры тыдні, да таго часу, пакуль скончацца цёмныя ночы восені.

Позірк яе пачынаў блукаць. На вуснах з'явілася жаласная ўсмешка.

— Пасля будзе снег… І сляды на ім. Вядома, вы рабіце, як хочаце. Але мне было б непрыемна, каб пра апошнюю з Яноўскіх сказалі, што яна забыла старадаўнюю гасціннасць.

Яна так сказала «апошняя з Яноўскіх», гэтая васемнаццацігадовая дзяўчынка, што мне чамусьці аж па сэрцы разанула жалем.

— Што ж, — працягвала яна, — калі цікавіцеся гэтым, брыдкім, хіба я магу супярэчыць. Іншыя збіраюць нават змей. Я павінна вам сказаць, што вы прыехалі ў запаветны край. Тут прывідаў і зданяў больш, як жывых людзей. Сяляне, якіх трасе трасца, распавядаюць дзівосныя і жахлівыя гісторыі. Яны жывуць бульбай, галодным пушным хлебам, нішчымнай аўсянкай і фантазіяй. Начаваць у іхніх хатах вам нельга, там бруд, скупчанасць і трасца.

|< Пред. 24 25 26 27 28 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]