Страница:
243 из 253
Мы супакоіліся і зусім былі адышлі ад дома, які ператварыўся ў суцэльную свечку, калі раптам голас хлопца ля коней устрывожыў нас. Мы глянулі ў той бок і ўбачылі Дубатоўка, які вылез з закінутага сутарэння сажняў у пяцідзесяці ад дома.
— А-ах, — прарыпеў зубамі Рыгор. — Забылі, што ў лісіцы ў нары заўжды другі ход ёсць.
А Дубатоўк, пятляючы, бег у напрамку да Волагавай прорвы. Правая рука яго вісела. Відаць, я ўсё ж пачаставаў яго.
Ён бег з хуткасцю, нечаканай для яго таўшчыні. Я стрэліў з рэвальвера — далёка. Цэлы залп вырваўся са стрэльбаў маіх людзей — хоць бы што. Дубатоўк прабег невялікі паплавок, з маху кінуўся ў балота і пачаў скакаць па купінах, як коннік, з такой хуткасцю, што ў вачах мільгацела. Апынуўшыся на бяспечнай адлегласці,ён пагразіў нам кулаком.
— Трымайцеся, пацукі!… — даляцеў да нас ягоны страшны голас. — Ніводнаму з вас не жыць. Шляхецтвам, імем, крывёю сваёй клянуся — выражу вас разам з дзецьмі.
Мы былі ўражаны. Але ў гэты момант свіст такой сілы, што ў мяне забалела ў вушах, аддаўся над балотамі. Я глянуў у той бок і пры святле пажара ўбачыў, як хлопец торкнуў аднаму каню проста пад хвост калючы сухі бадзяк. Зноў свіст…
Статак дзіка гігатаў. Коні ставалі дыбам. Зразумеўшы план гэтага юнака, мы кінуліся да дрыкгантаў і пачалі сцябаць іх. У наступны момант ахоплены панікаю статак памчаў да Волатавай прорвы. На некаторых конях яшчэ сядзелі постаці фальшывых паляўнічых.
Дзікі пошчак капытоў раздзёр ноч.
|< Пред. 241 242 243 244 245 След. >|