Страница:
245 из 253
Я быў такі выснажаны, што, запаліўшы свечку, ледзь не заснуў на ложку, напалову сцягнуўшы адзін бот. А калі я лёг, усё паплыло перад маімі вачыма: балоты, полымя над домам Дубатоўка, мерны пошчак капытоў, коннікі, жудасныя крыкі, твар Рыгора, які апускае цяжкія габлі-трайчаткі. І толькі потым цяжкі сон зваліўся на мяне, уціснуў галаву ў падушку, як конь капытом галаву Дубатоўка. Нават у сне я жыў падзеямі ночы: бег, страляў, скакаў і адчуваў сам, што ногі мае рухаюцца, бягуць у сне.
Дзіўным было маё абуджэнне, хоць і нельга было назваць абуджэннем мой стан. Яшчэ ў сне я адчуваў, што нешта цяжкае, вельмі нядобрае робіцца вакол, што ў пакоі гусцее цень нейкай невымоўнай, апошняй бяды. Быццам нехта сядзеў у мяне на нагах, так наліліся яны цяжкім. Я адкрыў вочы і пабачыў смерць пад руку з Дубатоўкам, які смяяўся. І я разумеў, што яны ў сне, што вочы я адкрыў у сне, што бяда па-ранейшаму жыве ў гэтым пакоі, рухаецца, што яна ўсё набліжаецца і набліжаецца.
Балдахін навісаў, плыў на мяне, душыў, і кутас яго вісеў проста перад маімі вачыма. Сэрца шалёна калацілася. Я адчуваў, што невядомае ідзе на мяне, што яго цяжкія крокі гучаць на пераходах, і я адчуваў, што я быў слабы, бездапаможны, што ўся мая сіла зараз дарэмная, што нейкае дурное страшыдла зараз схопіць мяне, або нават не мяне, а яе, і хрупнуць тонкія, слабыя яе костачкі. А я буду толькі глядзець. Я круціў галавою і мыкаў, не ў змозе адбіцца ад кашмарнага цяжкага сну.
|< Пред. 243 244 245 246 247 След. >|