Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 247 из 253

Я збіў нагамі коўдру, прыгатаваўся да нападу і, калі яна падплыла бліжэй, схапіў яе проста за выцягнутыя рукі. Адна мая рука трапіла ў нейкі, унікаючы пальцаў, флёр, другая моцна схапіла за штосьці невымоўна тонкае, слабае і цёплае.

Моцна ірвануў яе на сябе, пачуў крык і зразумеў сутнасць з'явы, калі пабачыў, як грымаса жаху зноў села на твар, як у вачах, быццам абуджаных ад сну, з'явіўся асэнсаваны агеньчык, выраз болю, трывогі і яшчэ чагосьці, што бывае ў вачах сабакі, які чакае ўдару. Блакітная Жанчына закалацілася ў маіх руках, не здольная ад нечаканасці сказаць ані слова, а пасля сутаргавае рыданне вырвалася з яе вуснаў.

І схожасць, новая схожасць гэтай істоты з Надзеяй Яноўскай была такой моцнай, што я, не памятаючы сябе, крыкнуў:

— Надзея Раманаўна, супакойцеся! Што вы, дзе вы?!

Яна і слова не магла сказаць. Пасля жах споўніў яе зрэнкі.

— А! — крыкнула яна коратка і спуджана і затрэсла адмоўна галавой.

Абуджаная з самнамбулічнага стану, яна яшчэ нічога не разумела, толькі жах поўніў яе маленькае, дрыжачае, як кацяня, сэрцайка. І нязнаны жах споўніў і мяне таксама, бо я ведаў, што ад такога раптоўнага спуду людзі часта вар'яцелі або заставаліся нямымі.

Я не ведаў, што я раблю, як мне ратаваць яе ад гэтага, і стаў укрываць пацалункамі яе духмяныя доўгія валасы, спуджана дрыжачыя павекі, халодныя рукі.

|< Пред. 245 246 247 248 249 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]